Кватэра-музей М. К. Сеўрука

Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук нарадзіўся 27 лютага 1905 года ў в. Снов на Нясвіжчыне. Належаў да плеяды слаўных мастакоў Заходняй Беларусі. Майстар атрымаў бліскучую адукацыю ў Віленскім універсітэце, з 1939 да канца жыцця жыў і працаваў у Нясвіжы. Персанальная калекцыя налічвае 1240 адзінак, у яе ўвайшлі жывапісныя работы, графіка, гравюры на дрэве, медзі, лінолеўме, асабістыя рэчы мастака, якія былі перададзеныя музею яго жонкай Раісай Сямёнаўнай Сеўрук і сябрамі.

9 ліпеня 1996 года ў доме, дзе жыў і працаваў М. Сеўрук, была адкрыта кватэра-музей мастака. У 2012 годзе была пашырана плошча кватэры-музея і створана новая экспазіцыя. Гэтаму папярэднічала дбайная праца па вывучэнні дакументаў, аналіз музейнай калекцыі «М. К. Сеўрук», зносіны з сябрамі, знаёмымі сям'і Сеўрукоў, што спрыяла дакладнаму вызначэнню перыядаў творчасці мастака, перадачы разнапланавасці яго работ, аднаўленню прыжыццёвага інтэр'еру кватэры майстра.

Створаная экспазіцыя прадстаўляе разнажанравы паказ двух перыядаў творчасці мастака — віленскі (1927—1939) і нясвіжскі (1939—1979), дадаткова ў ёй вылучаюцца два раздзелы: «Творчая спадчына», «Біяграфічна-мемарыяльны».